| Галоўная | Падзеі | Слуцак | Царква | Форум | Гісторыя | Абвесткі |
СВЯТКАВАННЕ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ Ў КАНАДЗЕ Па традыцыі ў Канадзе прайшло ўрачыстае паседжанне з нагоды нацыянальнага свята Слуцкага Збройнага Чыну. Ва ўрачыстасьцях, якія прайшлі 25 лістапада ў Таронта і 1 снежня ў Атаве прынялі ўдзел каля 100 асобаў. Адметнай рысай гэтых пасяджанняў было тое, што на іх прысутнічалі ў большасці беларусы апошняй хвалі эміграцыі. Свята было добра зарганізавана, і прайшло ў цеплай і шчырай атмасферы. У Таронта ўрачысты даклад зрабіў сп. Руслан Качаткоў, выступіў старэйшына беларускай эміграцыі , пісьменнік сп. Кастусь Акула, дзеці чыталі вершы, беларускія гаспадыні падрыхтавалі традыцыйныя стравы беларускай кухні. Як сказалі актыўныя дзеячы беларускай эміграцыі сп Кастусь Акула і сп-ня Раіса Жук-Грышкевіч, гэта было адно з лепшых святкаванняў нацыянальнага свята, якія праходзяць у Таронта вось ужо 50 гадоў. Вельмі цікава прайшло паседжанне ў Атаве. Змястоўны і грунтоўны даклад, заснаваны на дакументальных матэрыялах, зрабіў сп. Юрась Шамецька, сакратар управы Атаўскага адзелу ЗБК. З посьпехам прайшла і вечарына. З упэўненасцю можна сказаць, што беларусы новай эміграцыі захаваюць слаўныя культурныя і гістарычныя традыцыі беларускага народа ў далекім замежжы. Петр Мурзенак Сьвята ў Кітчэнэры Кітчэнэр � гэта невялікі ўтульны гарадок на захад ад Таронта. Тут жыве ці не самая вялікая ў Антарыё нямецкая грамада (раней горад зваўся Бэрлін). Тут жа штогод улетку ладзяцца этнакультурныя імпрэзы, што зьбіраюць шматлікія аматарскія мастацкія гурты з усяго навакольля. Сёлета з навакольнага Таронта ў Кітчэнэр прыехаў і невялікі гурт беларусаў. Стараньнямі найперш сп. Ціханоўскай Вікторыі, ініцыятара ідэі, сп. Кавалёвай Віялеты, запявалы й мастацкага кіраўніка, а таксама сп. Ігара Шарамета, галоўнага рэжысёра шоу, зарганізавалі невялічкую, але ўдалую праграму з нашых любімых твораў. Усе 15 хвілін адведзенага часу на сцэне самадзейныя артысты трымалі ўвагу мясцовай публікі, што вальготна расселася на зяленым лужку Victoria Park. Нашы наймалодшыя ўдзельнікі былі бадай што найлепш прынятыя гледачамі. Інсцэніроўка, сьпевы ды, вядома, �Лявоніха� ў выкананьні Паліны Ціханоўскай надоўга запомняцца і аўдыторыі і ўсім удзельнікам фэстывалю. Хочацца яшчэ раз падзякаваць нашым завадатарам, пра якіх ужо згадаў, а таксама нашым найменшым артыстам Марку, Івану і Расціславу Бушкевічам, Аляксандры і Аляксею Манькоўскім, Дамінічцы і Каміле Кавалёвым за творчую адданасьць і энтузіязм, а таксама выказацць пажаданьне зьбірацца такім гуртом як мага часьцей
Беларускае купальле ў Канадзе У ноч з 6 на на 7 ліпеня амаль за трыста кіляметраў ад Таронта на Слуцаку, што знаходзіцца недалёка ад Perry , сабралася больш трыццаці беларусаў. Зь вечару дзяўчаты сьпявалі купальскія песьні, зьбіраючы зёлкі � багаткі, руту, браткі, васількі, купену. Хлопцы тым часам рыхтавалі вогнішча. Апоўнач ўсе пайшлі на бераг возера ля катэджу спадарыні Марысі Ганько і былі прыемна ураджаны прыгажосьцю паляначкі, якую ператварыла ў казку сям�я Бушкевічаў. Сустракала ўсіх прыгажуня-Купалінка (Аглая Ціханоўская � якое цудоўнае імя!). Пасьля таго, як змрочныя сілы ўкралі яе, хлопцам прыйшлося каля гадзіны блукаць у лесе зь ліхтарыкамі, пакуль яна сама не зьявілася на беразе. Да раніцы разносіліся беларускія напевы. Вакол купальскага агню вадзілі карагоды, пераскаквалі цераз агонь, купаліся ў возеры. А разам зь першаю ранішняю зоркай дзяўчаты кідалі свае вяночкі ў ваду, варожачы, загадваючы на суджанага... Надзея Дробіна ІВОНКА СУРВIЛЛА : �СВАЯ ЎЛАДА РАНЕЙ ЦІ ПАЗЬНЕЙ ПРЫЙДЗЕ� Гутарка са Старшынёю Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з нагоды дзесяцігодзьдзя з моманту аднаўленьня �Нашай Нівы� �НН�: Сёлета спаўняецца 10 гадоў, як незалежнасьць Беларусі прызнаў сьвет. Спадарыня Старшыня, гэтае дзесяцігодзьдзе застанецца ў гісторыі як пэрыяд стратаў ці як час здабыткаў? Івонка Сурвілла: Гісторыя падзеліць гэтыя дзесяць гадоў на два пэрыяды: першыя тры гады будуць лічыцца пэрыядам адраджэньня, здабыткаў і вялікіх надзеяў, а наступныя сем � пэрыядам дыктатуры, эканамічнага застою й павароту дэнацыяналізацыі савецкіх часоў. Здабытага за першыя гады незалежнасьці Беларусь ня страціла. Страціць толькі тады, калі наш народ дазволіць рэжыму ўцягнуць яго ў �саюз� з Расеяй. Пакуль што Беларусь яшчэ на мапах сьвету фігуруе як незалежная краіна. Нашая моладзь яшчэ ня змушаная аддаваць жыцьцё за чужыя інтарэсы ў Чачэніі. Беларусяй цікавіцца сьвет, ведамыя людзі выступаюць у абарону нашых чалавечых правоў. Цяпер ужо нам няма патрэбы даказваць, што тут не Расея, што мы не расейцы. У Беларусі вялікая частка насельніцтва толькі нядаўна даведалася аб сваёй гісторыі, сваёй багатай культуры: ужо не ўважае Івана Грознага сваім героем, а ганарыцца Кастусём Каліноўскім ды случчакамі, сваёй мовай, сваёй культурай. Гэтыя людзі рабамі ня будуць. Будуць змагацца за сваю чалавечую годнасьць, пакуль не здабудуць сабе вольнай дзяржавы, каб жыць бяз страху, нармальна і заможна. Усё гэта, безумоўна, здабыткі. Апошнія сем гадоў у нашай гісторыі застануцца пэрыядам нявыкарыстаных магчымасьцяў, страчаных шанцаў, змарнаванага часу. Заміж таго, каб карыстаць, як нашыя суседзі, з дапамогі цывілізаванага сьвету ды працаваць на карысьць свайго народу, Беларусь штораз больш ізалявалася ды бяднела. Мы тут робім вялікія высілкі, каб давесьці да ведама сьвету, што Лукашэнка ня ёсьць прадстаўніком нашага народу. Што ён � папросту часовая зьява. Дабіўся да ўлады з дапамогай Масквы і ёй служыць. Дасюль, дзякаваць Богу, ня змог інтэграваць краіну ў Расею. Але небясьпека гэтая і надалей існуе. Калі Пуцін здолее зьмяніць канстытуцыю Расейскай Фэдэрацыі, каб падоўжыць свой мандат, ён можа заадно зрабіць у ёй адпаведныя папраўкі ды аднавіць колішні �саюз�. Магчыма, гэта галоўная мэта ягонай задумы. Між тым, Беларусь краіна ня бедная, як гэта адвечна імкнуліся даказаць нашыя суседзі. Народ наш моцна пацярпеў у ХХ ст., аднак ён выжыў. Ён жыцьцяздольны. Уявіце сабе, што мы маглі б дасягнуць, каб не гамаваліся нашыя высілкі ды ініцыятывы. Мы здольныя ўзьняць наш край да ўзроўню найбольш разьвітых краінаў Эўропы. Мы маглі б шмат зрабіць у гэтым кірунку за апошнія 10 гадоў, каб ня выбралі ў 1994-м чалавека, які меў іншыя мэты і амбіцыі. �НН�: На чым базуецца Ваш аптымізм? І.С.: Моцна веру ў беларускі народ, у ягоны розум, здольнасьці, працавітасьць. Моцна веру ў нашую моладзь, якая ўжо даказала сваю адданасьць роднаму краю, якая мела нагоду быць за мяжой ды бачыць, як жывуць іншыя, і якая мае энэргію, у адрозьненьне ад цяпер ужо спрацаваных старэйшых. Дый краіна нашая ў сярэдзіне Эўропы. Гэтая акалічнасьць сама сабою ў нармальных абставінах ужо робіць нас багатымі, бо суседзі змушаныя праяжджаць праз наш край, плаціць за транспарт сваіх тавараў па нашых дарогах. Калі ўлада нашая будзе працаваць на карысьць свайго народу, адбудуе нашую цудоўную Бацькаўшчыну, зробіць яе чыстай экалягічна і такой цікавай, што будуць прыяжджаць з інвэстыцыямі ня толькі землякі, якія жывуць у іншых краінах, але й чужаземныя прадпрымальнікі. Мы � адзін з найгасьціньнейшых народаў у сьвеце. Канадыйцы, якія адведваюць Беларусь, вяртаюцца захопленыя ветлівасьцю, шчырасьцю, цеплынёй нашых людзей. А гэтыя якасьці моцна цэняцца ў сьвеце, дзе пануе напружанасьць, стрэс. Да таго ж мы ў Эўропе, зусім блізенька ад турыстычнага рынку... Свая ўлада � а яна раней ці пазьней прыйдзе � будзе добрым гаспадаром у краіне. Ня будзе выдаткоўваць грашовыя сродкі на сілавыя структуры, каб бараніцца ад свайго народу, а будзе клапаціцца аб ягоным дабрабыце, ліквідаваць радыяцыйнае забруджаньне, ствараць нармальныя ўмовы жыцьця. Паставіць краіну на ногі, перастане яе ізаляваць, а наадварот, будзе старацца здабыць падтрымку ад іншых прыязных краінаў. Дзеля якасьцяў нашага народу, дзеля прыгаства нашага краю, дзеля яго становішча ў цэнтры Эўропы, моцна веру ў лепшую будучыню Беларусі. Спадзяюся, што народ наш выбера на прэзыдэнта добрага чалавека, беларускага патрыёта, які будзе яго шанаваць і дбаць пра ягоны дабрабыт. �НН�: Чым, на Вашую думку, ёсьць газэта �НН� для беларускага грамадзтва? І.С.: Для беларускага грамадзтва �Наша Ніва� � гэта той голас волі, годнасьці, пашаны да ўсяго беларускага, які так моцна яму цяпер патрэбны. З мужам мы �НН� пачалі чытаць ледзь толькі яна аднавілася дзесяць год таму. Яе ўзровень і адначасова яе патрыятычны кірунак рабілі яе для нас цікавай і мілай, �сваёй�. Віншую зь дзесяцігодзьдзем! Гутарыў Андрэй Дынько ВІЗІТ У АТАВУ AРХІЕПІСКАПА БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ З апошніх важных падзей трэба адзначыць візіт у Атаву Архіепіскапа Мікалая, Патрыярха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Гэты візіт адбыўся на Хрэшчанне, 19-20 студзеня. Архіепіскапа Мікалай разам з айцом Вячаславам сустрэўся і праводзіў размовы аб магчымасці стварэння беларускай праваслаўнай парафіі у Атаве, асвяціў тры хаты, пахрысціў трох маленькіх дзяўчатак. Вынікам візіта было таксама нараджэнне новых сваякоў - кум і кумоў. НАВАГОДНІ І КАЛЯДНЫ БЕЛАРУСКІ БАЛЬ Навагодні і калядны беларускі баль, як і у мінулым годзе праходзіў у доме архітэктара Пятра Шварцмана. 7 студзеня 2001 года, у нядзелю, к пяці гадзінам увечары пачалі пад'язджаць удзельнікі свята. Ужо праз гадзіну было вядома, што гасцей сабралася шмат. Гэта было бачна ужо па пляцоўцы каля дома, бо цяжка было нават знайсці месца для паркоўкі. Машынамі быў застаўлены увесь суседні двор і блізкія вуліцы. На свята прыехалі больш 70 асоб. Многія прыехалі з дзецьмі, для якіх была прыдумана свая праграма. |