Раіса Жук-Грышкевіч  : Гісторыя Згуртаваньня Беларусаў Канады

Беларускае арганізацыйнае жыцьцё ў Канадзе пачалося з заснаваньня ў лістападзе 1948 году ў Таронта Згуртаваньня Беларусаў Канады.

Галоўнымі мэтамі яго былі: 
1.Стварыць моцную нацыянальную арганізацыю, верную ідэалам 25 Сакавіка, Радзе й Ураду БНР.
2. Арганізацыя павінна мець, як маральную апору, сваю Беларускую Аўтакэфальную Праваслаўную Царкву.
3. Беларуская нацыянальная арганізацыя павінна мець сваю матарыяльную базу, свой, для грамадзкага карыстаньня, беларускі дом, сваю крэдытовую супалку.

Заданьнем арганізацыі было й ёсьць перадусім захаваньне й разьвіваньне такіх нацыянальных каштоўнасьцяў, як беларуская мова, нацыянальныя песьні, танцы, захаваньне гістарычнае памяці беларускага народу - вывучэньне гісторыі Беларусі. Выконваньне гэтых заданьняў ёсьць бязупынным працэсам арганізацыі - грамадзтва, працэсам, што вымагае арганізаванасьці, ахвярнасьці, грамадзкай згоды і любові да ўсяго роднага, да Беларушчыны - вымагае патрыятызму.

28 лістапада 1948 году 14 маладых новапрыбылых ў Канаду беларусаў сабралося ў прыватным пампешканьні й пастанавіла заснаваць Згуртаваньне Беларусаў у Канадзе. Ініцыятарам і кіраўніком групы быў Кастусь Акула. У сакавіку 1949 году група адзначыла Дзень Незалежнасьці Беларусі 25 Сакавіка, а 28 травеня 1949 году адбыўся ў Таронта Першы Агульны Зьезд ЗБК, пасьля якога былі заснаваны аддзелы ЗБК у Таронце, Гамільтоне, Лёндане, Ашаве, Садбуры й Мантрэалі.Так як праца тармазілася недахопам свайго памешканьня, Галоўная Ўправа ЗБК пад старшынствам Кастуся Акулы канцэнтравала свае высілкі на вэрбоўцы новых сябраў і зьбіраньні ахвяраў на куплю беларускага дому.

Да крышталізацыі ідэялягічнага напрамку ЗБК дайшло на 4-м Агульным Зьезьдзе ЗБК ў травені 1952 году. Сьведамыя нацыянальна, з вырабленай незалежніцкай ідэялёгіяй сябры ўсёцэла падтрымлівалі Рады й Урад БНР ды БАПЦ. Але былі й іншыя сябры, якія лёгка сталіся ахвярай варожых беларускай справе правакацыяў. Яны й жадалі, каб ЗБК было, як яны казалі, "беспартыйным", што ў сутнасьці азначала, каб не падтрымоўвала Раду БНР ды БАПЦ. Не атрымаўшы аднак пры галасаваньні большасьці, яны пакінулі Сход, ды пасьля заснавалі Беларускае Нацыянальнае Аб'еднаньне (БНА), а пры ім царкву Еўфрасіньні Полацкай грэцкай юрысдыкцыі.

ЗБК разгарнула болей інтэнсыўную дзейнасьць.Стараньнем Вінцэнта Жук-Грышкевіча ў 1953 годзе была заснавана каса самапомачы - Belorussian (Toronto) Credit Union Ltd., сарганізавана ў 1952 годзе Першая Сустрэча Беларусаў Паўночнае Амэрыкі на канадыйскім баку вадаспаду Ніягары. У 1951 пры ўнівэрсітэце Таронта наладжаны быў лектарат беларусаведы, які трываў два акадэмічныя гады й перарваны быў з прычыны выезду выкладчыка др. Вінцэнта Жук-Грышкевіча ў Мюнхен арганізаваць і весьці беларускую сэкцыю радыё "Вызваленьне"- цяпер "Свабода". 

Улетку 1954 году ЗБК купіла сабе дом на Дандас ст., 1000, а ў ім уладзіла БАП царкву сьвятога Кірылы Тураўскага. Так як дом не адпавядаў вымогам жыцьця ЗБК, бо царква там была прыгожая, але ня было ў ім залі на сходы, у 1959 годзе ЗБК яго прадало і грошы з прадпжы, панад 10.000.000 даляраў, улажыла ў супольную з БАПЦ касу для куплі Беларускага Рэлігійна - Грамадзкага Цэнтру на 524 St. Clarens ave. у Таронта. Духовае кіраўніцтва, што плыло із Сэктару Рады БНР прыдавала вялікае значэньне нацыянальнаму ўзгадаваньню беларускага грамадзтва Канады з аднаго боку, а з другога - інфармаваньню канадзкіх дзейнікаў аб Беларусі й беларускай вызвольнай справе. Нацыянальна - ўзгадаваўчая праца праводзілася перадусім праз імпрэзы.

 Мы стараліся адзначаць усе важнейшыя нацыянальныя ўгодкі, юбілеі. Прыкладам, у 1962 годзе адзначалі стагодзьдзе паўстаньня Кастуся Каліноўскага, пасьля - 125-я ўгодкі ад нараджэньня Францішка Багушэвіча, 50-я ўгодкі сьмерці Івана і 30-я Антона Луцкевічаў, 800-годзьдзе Еўфрасіньні Полацкай, ладзілі літаратурны вечар Натальлі Арсеньневай, юбілей Ларысы Геніюш, 90-я ўгодкі ад нараджэньня Янкі Купалы й Якуба Коласа, Максіма Багдановіча - гэта прыклады. Да найбольш бліскучых належыць сьвяткаваньне ў 1967 годзе 450-х угодкаў Беларускага Друку, запачаткаванага др. Францішкам Скарынам ў1517 годзе. На гэтае сьвята была наладжана грандыёзная Выстаўка Старога Беларускага Друку, якая трывала цэлы тыдзень. Матар'ялы на выстаўку ласкава пазычыў нам Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў Нью Ёрку - д-р Вітаўт Тумаш. 

На 1967 год прыпадала й стагодзьдзе Канады, таму ў часе акадэміі быў даклад высокага ўрадніка Глын Алена пра Канаду. Аб 450-я ўгодках беларускага друку даклад меў доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч.На 10-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі ў 1972 годзе ў Таронта мы адзначалі й 450-я ўгодкі друку на беларускай зямлі. Даклад меў доктар Вітаўт Тумаш, выдатны Скарынавед, старшыня Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку.

 У 1985 годзе ўрачыстай акадэміяй і выстаўкай адзначалі мы 500-я ўгодкі ад нараджэньня др. Францішкі Скарыны (даклад Раісы Жук-Грышкевіч). У 1981 годзе на шырокую скалю мы ладзілі сьвяткаваньне 1000-годзьдзя дзяржаўнасьці Беларусі. У залі Цэнтру наладжаная была выстаўка народнага й выяўленчага мастацтва ды скульптураў. Выстаўку адкрыла Натальля Арсеньева.

25 Сакавіка - Дзень Незалежнасьці Беларусі - займае ў нас, як і ва ўсіх беларускіх асяродках за мяжой, найважнейшае мейсца. Першы раз у Канадзе, як мы ўжо казалі, ЗБК сьвяткавала 25 сакавіка 1949 г. Пасьля расколу ЗБК у 1952 г. ЗБК і БНА сьвяткавалі асобна. Але думка, што Дзень Незалежнасьці Беларусі усе беларусы, незалежна ад поглядаў і груповых прынадлежнасьцяў, павінны сьвяткаваць супольна, нутравала ў грамадзтве й час ад часу рэалізавалася. Аж у студзені 1966 г. паўстаў сталы із праўных статутам Каардыныцыйны Камітэт Беларусаў Канады (ККБК). Сябрамі-заснавальнікамі яго былі: ЗБК, БНА, Беларуская Самапомач у Ашаве.

 У 1967 г. далучыліся Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва ў Канадзе й Саюз Моладзі Канады., а ў 80-х гадох Згуртаваньне Беларусаў у правінцыі Квэбэк.

Заданьнем ККБК было й ёсьць ня толькі арганізаваць супольныя сьвяткаваньні 25 Сакавіка, але й быць рэпрэзэнтантам беларускага грамадзтва Канады перад грамадзкімі й урадавымі дзейнікамі Канады. 1950-я й 1960-я гады былі надзвычай дзейнымі й плённымі. У справе рэпрэзэнтацыі навонкі ўжо ў 1952 г. сябра ЗБК В. Жук-Грышкевіч рэпрэзэнтаваў беларусаў у "Пакс Романа", што адбываўся ў Таронта й Квэбэк сіты. У другой палове 50-х гадоў, калі старшынём ЗБК быў Антон Маркевіч, ЗБК арганізавала праз Таронтаўскае радыё беларускія перадачы. У 1967 г. др. В. Жук-Грышкевіч браў удзел у Другой Канфэрэнцыі Славян Канады, што была зладжана пры ўнівэрсітэце Атавы, і даў на ёй даклад на тэму "Беларусы й канадзкая статыстыка". Даказаў, што беларусаў у Канадзе ёсьць панад 50 тысяч й яны павінны фігураваць у статыстыцы Канады. Ён выступаў на гэтай канфэрэнцыі як рэпрэзэнтант ЗБК, а дакладчыкам ды ўдзельнікам канфэрэнцыі трэба было рэпрэзэнтаваць навуковую арганізацыю ў Канадзе. Таму пасьля канфэрэнцыі ў паразумленьні з БІНІМ у Нью Ёрку быў створаны БІНІМ у Канадзе.

1960-я гады былі пераломнымі для Канады. Завастраліся сэпаратысцкія імкненьні Квэбэку. Каб лагодзіць справу, урад Канады стварыў Камісію Білінгуалізму, якая запрашала грамадзтва Канады выказацца на тэму моўнае палітыкі ў Канадзе. Ад ЗБК прадстаўлены былі два брыфы. Адзін маг. Алеся Грыцука, другі - др. Барыса Рагулі. Камісія вырашыла, што Канада ёсьць краінай двумоўнай і двукультурнай. Гэта ставіла ў нявыразнае становішча трэцюю групу грамадзян Канады розных этнічныхпрыналежнасьцяў. Што-ж яны ды іхнія культуры? Таму ў сьнежні 1968 году пад кіраўніцтвам сэнатара Паўлы Юзыка адбылася ў Таронта "Thinkers' Conference"у справе праўнага стану культураў іншых этнічных групаў, якія складалі тады каля 40% насельніцтва Канады. У гэтай канфэрэнцыі беларусаў рэпрэзэнтаваў др. В. Жук-Грышкевіч. Канфэрэнцыя вынесла рэзалюцыю, што дамагалася, каб Канада была прызнана краінай двумоўнай але шматкультурнай.

У выніку, у 1971 г. Прэм'ер Канады П'ер Іліот Трюдо абвесьціў палітыку шматкультуралізму і стварыш у 1973 г. Кансультатыўную Раду для Спраў Шматкультуралізму, якая складалася із 100 асоб - прадстаўнікоў розных этнічных групаў Канады. Усе яны былі назначаны Ўрадам Канады. Ад беларусаў назначаная была др. Раіса Жук-Грышкевіч. На гэтым становішчы яна была сем гадоў. Этнічныя арганізацыі былі незадаволены, што сябры Кансультатыўнай Рады для Спраў Шматкультуралізму былі назначаны Урадам, без паразуменьня з этнічнымі арганізацыямі. І ў 1980-м годзе паўстала ў Атаве грамадзкая арганізацыя - Canadian Ethnocultural Council - CEC , што складалася з 36-ці этнічных арганізацыяў. У арганізацыі "СЕС"- Канадзкае Этнакультурнае Рады ад ККБК бралі ўдзел Янка й Івонка Сурвіллы. Такім чынам, ККБК дагэтуль ёсьць сябрам-заснавальнікам "СЕС". З часам "СЕС" замяніла "СССМ".

 Найважнейшымі асягненьнямі 80-х гадоў было:
 1. Сьяткаваньне ў 1981-м годзе 1000-годзьдзя Дзяржаўнасьці Беларусі; 
 2. Пабудова ў 1988 годзе, на адзначэньне тысячагодзьдзя хрысьціянства ў Беларусі, Беларускага памятнага Крыжа ў прошчы пакутнікаў у Мідлянд, Антарыё; 
3. Сьвяткаваньне 500-х угодкаў ад нараджэньня Францішка Скарыны; 
4. Сарганізаваньне праз ККБК у сакавіку 1989 году Канфэрэнцыі прадстаўнікоў беларускага грамадзтва з усяе Канады; 
5. Арганізацыя ў 1989 годзе Канадыйскага Фонду Дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі (арганізатар і старшыня Фонду - Івонка Сурвілла).

1990-я гады. На ўгодкі трагедыці ў Чарнобыле, у красавіку 1990 г. украінцы арганізавалі перад Парляментам Антарыё ў Таронта масавую жалобную дэманстрацыю, узяць удзел у якой запрасілі ККБК. І мы бралі ўдзел зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, і ў часе яе ад беларусаў прамаўляла старшыня ККБК на тэму:"Aftermath of Chernobyl in Belarus".

У 1991 годзе ККБК сарганізаваў другую Канфэрэнцыю прадстаўнікоў беларускага грамадзтва Канады, атрымаў на яе, як і на папярэднюю, у 1989 годзе, дзяржаўны грант.

У 1993 годзе ЗБК, як сябра ЗБС "Бацькаўшчына", пад кіраўніцтвам Міколы Ганька cарганізавала груповую паездку ў Менск на Першы Зьезд Беларусаў Сьвету. На гэтым Зьезьдзе выступалі з прывітальнымі прамовамі Старшыні ЗБК і ККБК. І яны былі выбраныя ў Вялікую Раду "Бацькаўшчына".

У 1995 годзе, нешчасьлівым пасьля ганебнага рэфэрэндуму, на Другім Кангрэсе Міжнароднае Асацыяцыі Беларусістаў у травені ў Менску як дэлегат брала ўдзел др.Раіса Жук-Грышкевіч і дала на ім даклад:"Роля беларускае эміграцыі ў Канадзе".

У 1996 годзе мы далі даклад на іншую канфэрэнцыю ў Менску, арганізаваную ЗБК "Бацькаўшчына", на тэму:"Культура беларускага замежжа - Канада".

У палове 90-х гадоў БІМіК у Нью Ёрку выдаў друкам у перакладзе на ангельскую мову працу Зянона Пазьняка "Курапаты". На фінансаваньне выданьня гэтае вельмі важнае кнігі ККБК даў значную грашовую ахвяру. Кніга "Курапаты" ды наведаньне ў часе Першага Зьезду Беларусаў Сьвету ў Менску Крыцжа Пакутнікам у Курапатах інсьпіравалі нас узьнесьці ў 1995 годзе каля Беларускага памятнага Крыжа ў прошчы ў Міблэндзе помнік ""Памяці ахвяр камуністычнага тэрору ў Беларусі , які быў асьвячаны ў часе паломніцтва да Беларускага Крыжа 1 чэрвеня 1996 году. У 1997 годзе стварылі мы "Фонд памяці Н?атальлі Арсеньневай". У 1998 - бралі завочна ўдзел у канфэрэнцыі ў Берасьце. Далі даклад на тэму: "Роздум над: Культура беларуска-польскага сумежжа". З 1999 году ККБК, а гэтым самым і сябра яго ЗБК, бярэ ўдзел у працы агульнаканадзкай арганізацыі "Canadians for a Genocide Museum". 

Такім чынам, за паўстагодзьдзе нашае дзейнасьці мы:

- стварылі сетку беларускіх нацыянальных арганізацыяў у Канадзе, сарганізавалі прыход Белакрускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, набылі маёмасьць у Таронта й Пэры Саунд - Слуцак; 
- бярэм арганізаваны ўдзел у канадыйскім жыцьці; - супрацоўнічаем з Бацькаўшчынай-Беларусяй; 
- ды найважнейшае - захавалі й разьвіваем сваю родную беларускую мову й культуру, культывуем гістарычную памяць, як сьвятасьць славім беларускую гістарычную сымболіку - бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоню;
 -захавалі й дзеім па лініі беларускай незалежніцкай ідэялёгіі.

У нашчадкам пакідаеем запавет, які даў нам бацька беларускага адраджэньня Францішка Багушэвіч: "Не пакідайце ж мовы нашай роднай беларускай, каб ня ўмерлі!"

Жыве Беларусь!

Д-р Раіса Жук-Грышкевіч
Лістапад 1999, Бэры, Канада

Афіцыйны сайт 
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Старшыня 
Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Івонка Сурвілла